Баравікоўская школа заснавана ў 1918 годзе. Першым настаўнікам быў мясцовы жыхар Мішчанка Піліп Ісакавіч, які арганізаваў навучанне дзяцей у сябе дома. Першая настаўніца – Бушміна Кацярына Васільеўна, накіраваная Рэчыцкім аддзелам народнай адукацыі.
У тыя гады ўсе вёскі Баравікоўскага сельскага Савета ўваходзілі ў склад Рэчыцкага раёна. Новіку Ігнату Іванавічу, першаму старшыні Савета, шмат давялося прыкласці намаганняў, каб знайсці памяшканне пад школу. Дапамог яго бацька Маісей , які па просьбе аднавяскоўцаў аддаў палавіну свайго дома. Школа была чатырохкамплектная – ад першага да чацвёртага класа, а ўзрост вучняў – даволі кантрасны: ад 7 да 15 гадоў.
У 1926 годзе пабудавана 4-х класная школа, у якой было 2 класы і 2 пакоі для настаўнікаў. Затым з’явіліся і новыя класныя пакоі.
Поўная сямігодка заснавана ў 1929 г. З таго часу тут займаліся дзеці з суседніх вёсак: Аляксандраўкі ,Селішч, Самаражы, Ялан, Шупеек. Многія жылі на прыватных кватэрах, асабліва гэта было неабходна ў час асенне-вясенняга бездарожжа.
Першым дырэктарам сямігодкі быў Рудніцкі, які выкладаў фізіка-матэматычныя прадметы. У 1930 годдзе дырэктарам школы стаў Дзядкоў Іван Іванавіч, ленінградзец, які меў вышэйшую адукацыю. Дарэчы, у гэты час у школе займаліся не толькі дзеці, але і дарослыя. Яны прыходзілі сюды па вечарах і асвойвалі праграму “лікбеза”. Неўзабаве такія навучальныя ўстановы атрымалі назву школ калгаснай моладзі. Пад кіраўніцтвам Івана Іванавіча ў многія хаты баравікоўцаў правялі радыё, якое можна было слухаць з дапамогай навушнікаў.
Пасля першага выпуску сямігодкі ў 1936 годзе Іван Іванавіч пакінуў Баравікі. Але памяць аб гэтым высакародным чалавеку засталася ў многіх вяскоўцаў. (У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Іванавіч загінуў у блакадным Ленінградзе).
У час Вялікай Айчыннай вайны школа не працавала.
У лютым 1944 г., адразу пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі, у Баравіках зноў прагучаў школьны званок, сямігодка пачала сваю работу. Настаўнікі пасляваеннай пары: А.Я.Усціменка, Р.І.Аляксеева, О.В.Трашкова, Н.І.Гайдук, І.В.Сівак, Л.С.Печурыхіна, М.Н.Старасценка, В.В.Бундзін, Г.Ф.Музычкін, Н.А.Раняк. Узначаліў педагагічны калектыў Цобанаў Васіль Ануфрыевіч, які працаваў у гэтай пасадзе 23 гады. (На стэндзе музейнага пакоя нашай школы можна знайсці прадстаўнікоў дынастыі Цобанавых). Першы пасляваенны выпуск адбыўся ў 1947 годзе.
У 1952/1953 навучальным годзе школа стала “дзесяцігодкай”. У гэтым выпуску было 29 вучняў, сярод іх – першыя медалісты: Грабянчук Ф.М., Мішчанка Т.П.
Электрыфікацыя школы адбылася ў 1956 г. Электрычны ток паступаў з ветравога рухавіка.
У 1957 годзе ў школе з’явілася радыё.
У 1978 – ўзведзена новая трохпавярховая пабудова па тыповаму праекту.
За гады існавання нашай школы яе выпускнікамі сталі больш за тысячу вучняў, 11 з якіх атрымалі залатыя медалі, 3 – сярэбраныя. Болей за 50 юнакоў і дзяўчат сталі настаўнікамі. Сярод выпускнікоў ёсць інжынеры, урачы, аграномы, журналісты, штурман, майстры спорта. Ёсць вучоны – Грабянчук Ігар Васільевіч, які атрымаў вучоную ступень кандыдата гістарычных навук у 2004 годзе.
Доступ у шыракапалосны інтэрнэт з’явіўся ў нас у 2008 годдзе, у 2009 – электронны адрас, у 2014 – сайт школы.
Кожны школьны год – гэта гісторыя. А школа застаецца маладой да таго часу, пакуль у ёй звіняць дзіцячыя галасы.
Матэрыял падрахтаваны на аснове гістарычных фактаў,
сабраных настаўнікам гісторыі Чырык З.М. і ўспамінаў выпускніка школы 1936 года П. Чырыка